УНУТРЫКРЫШТАЛІ́ЧНАЕ ПО́ЛЕ,
крышталічнае поле, неаднароднае электрычнае (радзей магн.) поле, якое існуе ўнутры крышталёў і ўздзейнічае на электроны і ядры атамаў.
Электрычнае У.п. мае электрастатычнае (на адлегласцях парадку міжатамных дадатныя і адмоўныя зарады не кампенсуюць адзін аднаго) і абменнае (гл. Абменнае ўзаемадзеянне) паходжанне; напружанасць дасягае 1010 В/м. Мае сіметрыю, якая вызначаецца сіметрыяй крышталёў. Абумоўлівае расшчапленне энергет. узроўняў электронаў у атаме (гл. Зонная тэорыя, Штарка з’ява). Эфекты, выкліканыя эл. У.п., важныя для магнітаўпарадкаваных рэчываў і дамешкавых парамагн. іонаў у крышталях (гл. Парамагнетызм) яны вызначаюць магн. момант іона, магнітную анізатрапію, магнітастрыкцыю, а таксама спектраскапічныя ўласцівасці крышталя. Магнітнае У.п. мае эл.-магн. і абменнае паходжанне. Эл.-магн. ўклад (за кошт дыполь-дыпольнага ўзаемадзеяння) невялікі (105 А/м), абменныя палі значныя (напружанасць дасягае 108 А/м). Выяўляецца ў расшчапленні ўзроўняў парамагн. іонаў і ядраў (гл. Зеемана з’ява). Даследаванне магн. У.п. дае звесткі пра магн. ўласцівасці рэчыва, характар хім. сувязі ў крышталі і інш. У.п. даследуюцца пры дапамозе аптычнай спектраскапіі, электроннага парамагнітнага рэзанансу, ядзернага магнітнага рэзанансу, Мёсбаўэра эфекту і інш.
Р.М.Шахлевіч.
т. 16, с. 240
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)